СОЛЕВЫНО́СЛІВАСЦЬ РАСЛІ́Н, солеўстойлівасць раслін,
здольнасць раслін расці на засоленых глебах (у якіх солей больш за 0,2% ад масы глебы). У гэтых умовах на расліны ўплываюць негатыўныя фактары (павялічаны асматычны ціск, таксічныя солі, недахоп элементаў каранёвага жыўлення), якія парушаюць абмен рэчываў і стан палімераў пратаплазмы. Большасць раслін несолевынослівыя (глікафіты). Найб. солеўстойлівыя галафіты: соленазапашвальныя (салянкі), солевыдзяляльныя (кермек, мангравыя расліны), з нізкім паглынаннем солі (палыны). С.р. абумоўлена генетычна, але змяняецца ў выніку адаптацый. Пры хларыдным засаленні расліны становяцца больш мясістымі — сукулентамі, пры сульфатным — ксерафітамі. Сярод культ. раслін на моцназасоленых глебах растуць цукр. буракі, яблыня, міндаль, спаржа. Да сярэдняга засалення ўстойлівыя сланечнік, ячмень, бавоўнік, памідоры, гарбуз. С.р. мінімальная на фазе праросткаў і ўтварэння генератыўных органаў.
т. 15, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)